Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

11:25 13 января 2018
ОБСУДИТЬ
Вялікай бядой стала для нашай зямлі другая сусветная вайна, якая закранула большасць беларускіх сем’яў. Падчас вайны тысячы людзей пайшлі ў партызаны, стаўшы ў шэрагі змагароў з фашызмам. У лясах і балотах Івацэвіччыны, таксама, дзейнічалі вельмі шмат партызанскіх атрадаў. Немцы былі шакіраваны масавым супраціўленнем беларускага народу акупацыі. Супрць партызанаў кідалі не толькі паліцэйскія сілы, але і рэгулярныя войскі, ладзілі карныя аперацыі.

Адной з такіх жахлівых аперацый была і “Балотная ліхаманка” (“Зумпфібэр”), якая праводзілася з 21 жніўня па 21 верасня 1942 года. Вынікі яе, паводле нямецкага рапарта, былі наступныя: спалена 49 партызанскіх лагероў і некалькі вёсак, забіта ў баях 389 партызан, 1.274 цывільных жыхароў, якіх западозрылі ў супрацоўніцтве з партызанамі, і 8.350 яўрэяў. Да таго ж “эвакуіравана” 1.217 чалавек. Такім чынам, усяго было забіта больш за 10 тыс. чалавек, з якіх партызаны не склалі і 4 % (!). Гэта значыць большасцю ахвяраў карнікаў былі мірныя жыхары.

Моцна пацярпела падчас карных аперацый і тэрыторыя сённяшняга Івацэвіцкага раёна. Тут таксама акупанты cпалілі 6 вёсак (Вяда, Красніца, Тупічыцы, Бабровічы, Зыбайлы, Зацішша), знішчаючы мірнае насельніцтва.

Адной з такіх вёсак з’яўляюцца Бабровічы. У памяці яе насельнікаў вечным болем жыве трагедыя верасня 1942 года, калі фашысты загубілі 676 жыхароў, спалілі ўсе 164 двары. Пасля вайны астатнія жыхары адрадзілі вёску. Аднак памяць пра тую трагедыю да сённяшняга дня захоўваюць мясцовыя людзі.

У агні Бабровіцкай трагедыі разам з іншымі загінулі таксама Сцяпан і Таццяна Дзячок. Лёс іхняй сям’і мы высветлілі дзякуючы фотаздымкам, што захаваліся ў сваякоў. Вядома, што сумеснае жыццё Сцяпана і Таццяны пачалося ў міжваенныя гады, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы.

Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

На першым фотаздымку 20-х гадоў Сцяпан і Таццяна яшчэ маладыя, у святочных строях, выглядаюць даволі шляхетна па тых часах, можна, нават, сказаць выкшталцона.

Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

На другім здымку злева, які датуецца прыблізна 1936-1938 годам, Таццяна ўжо з двума дзецьмі: на руках трымае маленькага Андрэя, а справа сядзіць старэйшы Міхаіл.

З верасня 1939 года сям’я Дзячкоў з Бабровічаў жыла ўжо пры новай уладзе – Заходняя Беларусь у выніку паходу Чырвонай Арміі была далучана да БССР. Разам з новай уладай у Бабровічы прыйшоў і новы парадак. Зніклі польскія асаднікі, якія чынілі ўціск супраць беларускіх сялянаў, але на змену ім прыйшлі сталінскія рэпрэсіі, калектывізацыя і іншыя атрыбуты савецкай улады.

Баляслаў Пачопка і яго царква ў Бабровічах
Баляслаў Пачопка і яго царква ў Бабровічах

Крыху адыходзячы ад тэмы, трэба адзначыць, што міжваенныя Бабровічы былі унікальныя тым, што тут існавала уніяцкая (грэка-каталіцкая) парафія, святаром якой быў Баляслаў Пачопка, шчыры прыхільнік беларушчыны, які нават ўвёў беларускую мову ў набажэнства. Яго стараннямі ў Бабровічах была пабудаваная новая царква (якую, дарэчы, спалілі немцы падчас сваёй карнай аперацыі ў 1942 годзе). Дык вось супраць дзейнасці бабровіцкага святара і распачалі уціск новыя савецкія ўлады. Зацкаваны бязбожнымі савецкімі актывістамі, Баляслаў Пачопка памёр у 1940 годзе.

Але вернемся да сям’і Дзячкоў. 15 верасня 1942 года нямецкія карнікі ўварваліся ў Бабровічы. Сцяпан і Таццяна Дзячок трапілі ў лік 676 жыхароў вёскі, якія згарэлі ў злачынным полымі. Як сёння распавядаюць сведкі тых падзей з Бабровічаў і навакольных вёсак, дым быў бачны за многія кіламетры. Бабровічы гарэлі некалькі дзён…

Але дзеці Сцяпана і Таццяны, Міхаіл і Андрэй, выратаваліся, таму што падчас трагедыі былі ў сваёй бабулі Анастасіі Трухановіч у Святой Волі.

Лёс склаўся так, што пасля вайны, дзеці апынуліся далёка ад радзімы. Старэйшы, Міхаіл, трапіў аж у Казахстан, дзе выхоўваўся ў інтэрнаце. Захаваўся і здымак тых часоў:

Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

Няма, канешне, чаго казаць пра долю дзяцей, якія трапілі ў інтэрнаты пасля вайны. Міхаіл так і застаўся ў Казахстане, там ажаніўся і жыў у Алма-Аце. Тры разы прыязджаў у Беларусь. Памёр у 1998 годзе, пакінуўшы двое дзяцей.

На здымку 1965 года Міхаіл Дзячок разам з цешчай, жонкай Ксеніяй, сынам Яўгенам, дачкой Таццянай:

Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

Дзеці Міхаіла – Яўген і Таццяна жывуць з 1990-х гадоў у Германіі. У 1994 годзе прыязджалі у Беларусь, у архівах шукалі звесткі аб лёсе продкаў, былі і ў Святой Волі, дзе да 1965 года жыла прабабуля Анастасія Трухановіч, у якой уратаваўся падчас Бабровіцкай трагедыі бацька.

Андрэй Дзячок, які таксама выратаваўся тады ў бабулі, таксама трапіў у інтэрнат у Казахстане. Ніколі ён больш не быў на Радзіме. Жыў у Растове, дзе жонка Роза нарадзіла яму сына Аляксандра. На здымку 1960-х гадоў Роза разам з Аляксандрам злева:

Бабровіцкая трагедыя ў адлюстраванні лёсу сям’і Дзячкоў

Сёння ў Івацэвіччыне жывуць сваякі гэтай сям’і Дзячкоў, якія разам з фотаздымкамі захоўваюць памяць аб падзеях тых гадоў.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

10 ноября 2023 18:04

У Беларусі з’явіцца помнік Аляксандру Неўскаму. Чаму гэта адбываецца?

У Мінску ўсталёўваюць помнік расійскаму князю Аляксандру Неўскаму. Робіцца гэта паводле ініцыятывы пасла Расіі Барыса Грызлова.

01 ноября 2023 12:54

Что не так с инициативой закреплять за школами памятники в Беларуси?

Во время недавнего субботника в Ратомке министр образования РБ Андрей Иванец рассказал об инициативе, над которой работает возглавляемое им ведомство.

19 марта 2023 16:00

Наколькі глыбока можа зайсці рэвізія гісторыі Беларусі?

Частка нумароў часопісаў «Наша гісторыя» і Arche папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Гаворка ідзе пра публікацыі за розныя гады — ад 2018-га да 2021-га.

18 августа 2022 08:38

Потомки репрессированных в БССР: фамилии палачей до сих пор скрыты

Белорусы годами ищут информацию о родных, репрессированных во времена сталинского террора. В Беларуси архивы КГБ так и не были открыты, доступ к делам, и то весьма ограниченный, есть только у родственников жертв сталинских репрессий.