15 беларускіх «Нотр-Дамаў», разбураных камуністамі. ФОТА

16:21 17 апреля 2019 827
ОБСУДИТЬ
У савецкія часы бальшавікі знішчылі сотні беларускіх святыняў. Дзясяткі былі падарваныя або разбураныя, хоць перажылі войны і пажары, сотні — наўмысна занядбаныя. Бальшавікі не шкадавалі ні праваслаўных цэркваў, ні каталіцкіх касцёлаў, ні сінагог, ні мячэцяў, не кажучы пра рэпрэсаванне святароў розных канфэсій.

Знесены сімвал Горадні

Ці не самы вядомы беларускі храм, знішчаны камуністамі, гэта Фара Вітаўта ў Горадні, якую часам называюць першым каталіцкім храмам Усходняй Эўропы, піша Радыё Свабода. Гісторыя яго пачалася ў 1389 годзе, калі на загад князя Вітаўта заклалі драўляны храм, а ў 1580-х замест драўлянага быў узведзены мураваны гатычны. У 1804 годзе, калі Горадня была ў складзе Расейскай імперыі, будынак перарабілі ў праваслаўную царкву, пазней моцна мадыфікавалі ў псеўдарускім стылі. У 1930-х, калі Горадня была ў складзе Польшчы, храм рэканструявалі як каталіцкі касцёл у стылі неаготыкі.

Фара Вітаўта ў 1930-я гады
Руіны Фары Вітаўта пасля падрыву ў 1961 годзе

Будынак перажыў шмат пажараў, але ўрэшце яго падарвалі. Гэта адбылося ў лістападзе 1961 году на загад Гарадзенскага гарадзкога савету дэпутатаў. У часы незалежнай Беларусі гарадзенцы не раз ​ заклікалі аднавіць Фару Вітаўта.

Некаторыя святыні засталіся моцна перабудаванымі

Сакральныя будынкі ў савецкія часы перараблялі пад гаспадарчыя будынкі, склады, жылыя дамы, бібліятэкі. Нярэдка гмах заставаўся стаяць, але моцна перабудаваны.

Будынак Харальнай сінагогі ў Менску, 1942 год
Фасад таго ж будынку цяпер

Найбольш вядомы ў Беларусі прыклад перабудовы — Харальная сінагога ў Менску, збудаваная ў 1906 годзе. У 1923 годзе яе пераабсталявалі ў габрэйскі тэатр, затым у кінатэатар, пасля Другой сусветнай вайны радыкальна перабудавалі і размясцілі там Расейскі драматычны тэатар імя Максіма Горкага.

Адзінкавыя храмы аднаўляюць

Асобныя храмы, знішчаныя бальшавікамі, былі адноўленыя. Пакуль такіх у Беларусі няшмат. Сярод іх найдаўнейшая Дабравешчанская царква ў Віцебску. Паводле паданняў, храм быў закладзены ў 974 годзе адначасова з горадам на загад княгіні Вольгі. Археолагі кажуць, што храм мог быць збудаваны ў XII стагодздзі, а ўпершыню быў значна перабудаваны ў XIV-м. У Паўночную вайну храм быў часткова разбураны і перабудаваны пад расейскі стыль, у Другую сусветную вайну быў пашкоджаны, але застаўся стаяць.

Дабравешчанская царква ў Віцебску

Падарваны з ухвалення савецкага кіраўніка Мікіты Хрушчова ў 1961 годзе, каб вызваліць месца пад трамвайнае кальцо. У 1993–98 гадах адноўлены; праект адбудовы меўся ўзнавіць той выгляд, які храм меў у XII ст.

Паволі ідзе рэстаўрацыя частак​ Бярозаўскага кляштара картэзіянцаў, збудаванага ў другой палове XVII стагодздзя. У часы Расейскай імперыі яго перарабілі пад казармы, у міжваеннай Польшчы ён стаў жорсткай турмой, а ў БССР яго часткова разабралі на цэглу.

Але ад большасці знішчаных камуністамі храмаў засталіся хіба падмуркі ды ўспаміны — як ад Фары Вітаўта.

Што яшчэ зносілі камуністы

Некаторыя храмы, зруйнаваныя камуністамі, пералічыў на просьбу Свабоды культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Гэты спіс, вядома, далёка ня поўны.

Касцёл Святога Тамаша Аквінскага і кляштар дамініканаў у Менску
Касцёл Святога Тамаша Аквінскага ў 1943 годзе
Рэканструкцыя выгляду фасаду касцёлу

Заснаваны ў 1605 годзе, касцёл збудаваны прыблізна ў 1620–40 гадах, узарваны ў 1950-м (нягледзячы на тое, што пасля пашкоджанняў у Другой сусветнай вайне ад немцаў атрымалі кантрыбуцыю на яго аднаўленне).

Касьцёл Святога Станіслава ў Пінску
Касцёл і калегіюм езуітаў у Пінску, 1930-я гады

Калегіюм езуітаў заснаваны ў 1630-х, мураваны касцёл пры ім збудаваны ў 1635–48 гадах, касцёл узарваны ў 1953 годзе, будынак калегіюму застаўся, там цяпер Музей беларускага Палесся.

Багаяўленскі манастыр у Магілёве
Багаяўленскі брацкі кляштар у 1909 годзе

Заснаваны ў 1630-х гадах, галоўны храм збудаваны ў 1657-м, разбураны ў 1952 годзе.

Царква Святога Язафата і Успенскі манастыр ў Быцені
Царква Святога Язафата і манастыр базылянаў, 1912 год

Заснаваны ў 1607 годзе, мураваная царква збудаваная пасля 1673 году, пацярпела ў Першую сусветную вайну, зруйнаваная пасля Другой сусветнай вайны.

Касцёл Святога Язэпа і калегіюм езуітаў у Віцебску
Касцёл Святога Язэпа і калегіюм езуітаў, 1860-я

Заснаваны ў 1640-х, мураваны касцёл збудаваны ў 1716–31 гадах, знішчаны ў межах «упарадкавання і рэканструкцыі» гораду ў 1956 годзе.

Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар бернардынаў у Віцебску
Касцёл Святога Антонія Падуанскага і кляштар бернардынаў у Віцебску 1910 год

Заснаваны ў 1685 годзе, мураваны касцёл збудаваны ў 1737–68 гадах, узарваны ў 1961 годзе.

Касцёл Святога Стэфана ў Полацку
Касцёл Святога Стэфана ў Полацку, 1910 год

Заснаваны пасьля 1580 году, мураваны касцёл збудаваны пасля 1738 году, узарваны ў 1964 годзе.

Царква Святога Спаса ў Магілёве
Царква Святога Спаса ў Магілёве, 1942 год

Упершыню згадваецца ў 1447 годзе, мураваная царква збудаваная ў 1740–1742 гадах, пашкоджаная падчас бамбавання ў 1944 годзе, канчаткова зруйнаваная пасля Другой сусветнай вайны ў 1940-х.

Касцёл Святога Юрыя і кляштар дамініканаў у Валынцах
Касцёл Святога Юрыя і кляштар дамініканаў, Валынцы, 1912 год

Заснаваны ў 1719 годзе, мураваны касцёл збудаваны ў 1749–56 гадах, зруйнаваны ў канцы 1940-х.

Манастыр і кляштар кармелітаў у Бялынічах
Манастыр і кляштар кармелітаў у Бялынічах , 1923 год

Заснаваны ў 1624 годзе, мураваны касцёл збудаваны ў 1742–63 гадах. Касцёл падарвалі ў 1960-х, а ў 1970-х узарвалі кляштар.

Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базыльянаў у Беразвеччы (цяпер раён Глыбокага)
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла, 1934 год

​Заснаваны ў 1643 годзе, мураваныя царква і манастыр збудаваныя ў 1756–63 гадах, зносіліся цягам дзесяці гадоў пасля 1949-га.

Царква Пакрова Багародзіцы і манастыр базылянаў у Воршы
Царква Покрыва Багародзіцы і манастыр базылянаў, 1941 год

Заснаваны ў 1642 годзе, мураваны будынак узведзены ў 1758–74 гадах. Царква зруйнаваная ў 1969 годзе, жылы корпус манастыра перароблены пад жытло, цяпер закінуты.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гайне
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, каля 1900 году

Заснаваны каля 1386 году, мураваны касцёл збудаваны ў 1780-х, моцна пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны савецкімі партызанамі, падарваны пасля 1956 году.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку
Фарны касцёл, 1915 або 1916 год

Заснаваны ў 1450 годзе, мураваны касцёл збудаваны не пазней за XVI стагодздзе, узарваны ў 1950-я.

 

 

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

1 196
23 февраля 2020 15:24

В Дрогичине прошел вечер живой музыки Дмитрия Сказочника

Уютная атмосфера с живым звуком радовала посетителей кофейни Sladikov в Дрогичине 22 февраля. В гости приехал исполнитель Дмитрий Сказочник со своим коллективом, которые спели каверы на известных исполнителей, а также представили свои песни.

1 290
18 февраля 2020 18:07

Уроженцы Дрогичина сняли комедийный сериал о том, как решили стать рэперами

19 февраля выйдет первая серия юмористического web-сериала «ПрокрастиНация» уроженцев Дрогичина Дениса Зосика и Николая Камки.

689
14 февраля 2020 09:18

В Дрогичинском районе почтили летчика, разбившегося 30 лет назад

12 февраля 1990 г. недалеко от д. Восходы Дрогичинского района потерпел катастрофу военный самолёт МИГ - 29, принадлежавший 927 истребительно-авиационному полку дислоцированному в г. Берёза. В результате этой трагедии погиб лётчик - заместитель командира полка подполковник Николай Глова.

27
06 февраля 2020 12:21

В Пинске пройдет XXVI фестиваль «Февральские музыкальные вечера»

Как сообщила директор городского концертного зала Лариса Якушевич, всего в период с 8 по 27 февраля, запланировано пять концертов.