Прыгоды дзесяціпавярховага дома на падпорцы ў Брэсце: зіму перастаяў, пастаіць яшчэ?

08:34 08 апреля 2021 243
ОБСУДИТЬ
Але кватэру ў ім прадаць натужна

Жылы шматкватэрны дом на Стафеева, 9 – нестары яшчэ. Якіх 20 гадоў для цаглянай пабудовы – гэта ўзрост юнацтва. Трэшчыны на тарцовай сцяне летась былі вялізныя, зрокава сантыметры два-тры, асабліва па месцах прылягання асноўнага нясучага мура і сцяны з вынесенай часткай, якая фармуе лоджыю.

Што сказаў інспектар?

Ужо тады пад бэльку, якая на ўзроўні шостага паверха падперла вынаску, была падведзеная стальная трохчленная нага, наглуха забетаніраваная ўнізе. Зборная, блішча на сонцы нікеліраванымі гайкамі. Увосень на дамах мікрараёна працаваў прамысловы альпініст. Няйначай ён прыклаўся і да гэтага дома, замазаў ладныя шчыліны нейкай рошчынай.  Але ці будзе гэта трывала? Ці не ўпадзе?

Па раду пайшоў ў інспекцыю Дзяржбуднагляду па Брэсцкай вобласці. Начальнік службы  Уладзімір  Жаўнерэвіч, уважліва паглядзеў на фатаграфіі. “Не наш аб’ект, – абазначыў сваё месца ў праблеме ён. – Нашы толькі што пабудаваныя аб’екты. Мы выдаем Заключэнне, потым аб’ект актам прымаецца ў эксплуатацыю…”. “І потым за яго адказваюць “эксплуататары”, – здагадваюся я. “Так, – пагаджаецца суразмоўца. – То Вам да іх”.

Пра нейкія прэцэдэнты, каб шматпавярховік стаяў на падпорцы, Уладзімір Казіміравіч казаць не стаў, адзначыў толькі, што трэшчыны ў дамах вымагаюць індывідуальнага падыходу. “Можа проста абліцоўка патрэскацца, паверхневы слой, – тлумачыць ён. – Не будзе пранікнення ўнутр будынка, у кватэрах муры цэлыя будуць. Бо ж кладка робіцца з перавязкай цэглаў, калі дом цагляны”.

Кажу, маўляў, прыглядаўся да трэшчын за мяжой і не ўбачыў іх на дамах ні ў Варшаве, ні ў Берліне, ні ў Вене, ні ў Парыжы, толькі ў Львове – там чатырохпавярховік трэснуў зверху да нізу.

“Трэшчыны на дамах ёсць паўсюль, – аспрэчыў галоўны абласны інспектар. – Пакажу вам іх на любым доме.” І прайшоўся па спецыфіцы: “У ваконных проймах, пры ўсадцы дома мікратрэшчыны з’яўляюцца абавязкова. Баяцца тут зусім не абавязкова – галоўнае ўведаць, з-за чаго трэшчына. Адное ўсадка і зусім другое – падмыванне фундамента гаспадарчымі сцёкамі або грунтавымі водамі. Там сапраўды трэба прымаць меры”.

Хто “эксплуататары”?

Самі жыхары праблемнага дзесяціпавярховіка не вельмі гаваркія. Яно і зразумела: ніхто ж іхнюю бяду на сваю радасць не памяняе. Сказалі толькі: дом “паплыў”, калі гадоў 5 таму ў двары побач пачалі забіваць сваі пад 14-павярховік. Дзіўным чынам, некалькі такіх “кукурузных стаўбуроў” усунулі ў гэтым мікрараёне, калі асноўны масіў ужо стаяў. Вядома, растрэскаліся сцены і тут, і там, але гэты дом-небарака рэальна паплыў.

Доўгія пошукі старшыні спажывецкага кааператыва ўзбагацілі ведамі, што ён быў, нават жыў у гэтым доме, але потым нібыта з’ехаў у свой асабняк. Ад старшынства адмовіўся. Нарэшце,  паказалі на жыллёва-эксплуатацыйную службу №5. Маўляў, у іх на балансе.

Галоўны інжынер ЖЭС-5 Сяргей Іванавіч адразу шчыра сказаў: гэты дом – воз праблем. “Старшыня ўцёк як мага. Было ад чаго: там грунтоўны тэхналагічны пралік пры будоўлі. Бэльку нясучую ці то не паклалі наогул, ці то закароткая.”

На пытанне, ці выстаіць, ён пацепнуў плячыма і акрэсліў больш шырока: “Не аб ім адным галава баліць. 12 дамоў такіх праблемных скінулі нам летась. Старшыні сыходзяць, бо не даюць рады. А мы адмовіцца не можам: дзяржаўная структура. Між тым, вінаватыя будаўнікі – не вытрымліваюць рэгуляміны.”

На маю згадку еўрапейскіх сталіц і тамтэйшага жылога фонду Сяргей Іванавіч адказвае тэхнічна: “На Захадзе не парушаюцца ніякія рэгуляміны, ні ў будаўніцтве, ні ў вытворчасці будматэрыялаў. Вазьміце нашу цэглу – яна ж часта намокнуўшы плыве-крышыцца. Або вось нядаўна пра расійскі асфальт даведаўся – ён жа на ўзроўні Фінляндыі 1905 году. Гэта калі брычкі ездзілі. А ў нас жа з Расіяй еднасць будаўнічых нормаў”.

Можа і не прадацца

Пацікавіўся ў “эксплуататара”, ці варта купляць кватэру ў доме кшталту Стафеева, 9. Адказ быў: “Калі ў доме ёсць грунтоўныя будаўнічыя пралікі, то гэта рызыкоўна. Бо невядома, што можа быць”.

Тое самае спытаў па тэлефоне ў агентстве па куплі\продажу нерухомасці “Бугрыэлт”. Нейкім чынам слухаўку ўзяла самая фотагенічная супрацоўніца Вікторыя Грычык.  Аглядаючы на сайце яе абаяльную знешнасць, пытаюся пра благое: “Ці магчыма прадаць кватэру ў доме з трэшчынамі?”

“Залежыць ад таго, якія яны, – адказала Вікторыя Сяргееўна. – Калі можна залапіць арматурнай сеткай і затынкаваць, гэта адно. Калі не… Гэта ўжо пытанне кошту, хіба”. Спытаўся, якой можа быць цана сур’ёзных хібаў, па максімуму. Даведаўшыся, які раён, рыэлтарка сказала, што без іх “квадрат” каштаваў бы каля 700 “умоўных”, а з наяўнымі трэшчынамі і без рэмонту – максімальна 650. Мінус 5 тысяч – пралічваю на аўтамаце “кошт пытання” і кажу пра падпорку. Слова выклікае ў эксперта жаданне ўбачыць.

Пытаю інакш. “Ці бывае, што не можаце прадаць кватэру – завісае?”.

“Чаму не, былі прэцэдэнты, – адказала спадарыня Грычык. – Некаторыя аб’екты спрабавалі прадаць цераз нас у такім стане, што ніхто не спакушаўся. Бо будуюць у нас не вельмі. Вунь, сацыяльны дом у новым раёне Замухавечча – як яго ні спрабавалі ўратаваць, а ніяк не атрымліваецца.”

Перапытваю, ці гэта Вулька-3. Так, гучыць у адказ. “Дык там 99 адсоткаў дамоў панэльныя!” “Ды не, дом цагляны, – адказвае ріэлтэрка. – Але так там будаўнікі нахалтурылі, што …”

Разумею: вось яшчэ аб’ект, пра які мушу расказаць urbis et orbis, гораду і свету. А з домам на падпорцы – справа ясная, што справа цёмная.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

334
20 апреля 2021 09:23

В Ивацевичах будет благоустройство у садика, о чем жаловались люди

Много лет жаловались люди на дорогу к детскому саду №7 "Колосок" в Ивацевичах. В дождливую погоду туда приходилось пробираться по грязи. Однако, есть обещание от властей и примерные сроки, когда территорию у садика благоустроят.

155
19 апреля 2021 20:29

То плитку меняют, то деревья пилят: как разрешить конфликт в жилищном товариществе?

Члены товарищества собственников в Бресте обвиняют своего председателя в самоуправстве. Она же утверждает, что действует исключительно по закону и во благо жильцов

174
19 апреля 2021 14:10

В Столине бродячие собаки пугают прохожих

В соцсетях жителей Столина начали появляться видео со сворой собак, которая бегает в районе улицы Терешкова

44